Дыялог пакаленняў: у «Белтэлекаме» праходзяць мерапрыемствы да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаецца ў нашай краіне 15 лютага, у гісторыка-інфармацыйным цэнтры РУП «Белтэлекам» прайшла дыялогавая пляцоўка «Без права на забыццё». Маладыя супрацоўнікі кампаніі сустрэліся з удзельнікамі баявых дзеянняў у Аўганістане, каб з першых вуснаў пачуць аб падзеях тых гадоў і выказаць ім сваю падзяку за мужнасць і гераізм.

Сустрэча пачалася з дэманстрацыі відэапраекта «Дарогамі Аўганістана», які пазнаёміў прысутных з хронікай тых далёкіх дзён. Затым ветэраны аўганскай вайны падзяліліся сваімі ўспамінамі з маладымі сувязістамі. Нашы калегі адрасавалі гасцям словы глыбокай удзячнасці за шчыры дыялог, які нагадаў пра такія найважнейшыя каштоўнасці, як гонар, мужнасць і вернасць абавязку. Завяршылася сустрэча экскурсам у гісторыю сувязі: удзельнікі з цікавасцю пазнаёміліся з унікальнымі экспазіцыямі цэнтра і пакінулі цёплы водгук у Кнізе ганаровых гасцей.

Дзень вываду савецкіх войскаў з Аўганістана стаў сімвалам подзвігу і мужнасці тых, хто выканаў свой воінскі абавязак за межамі Радзімы. «Белтэлекам» шануе памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ва ўсіх філіялах кампаніі праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, галоўная мэта якіх – умацаваць сувязь пакаленняў, сфарміраваць у маладога пакалення пачуццё патрыятызму і павагі да подзвігу нашых суайчыннікаў.

Выказваем глыбокую павагу ветэранам вайны ў Аўганістане і жадаем моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба!

photo_2025-02-14_16-25-58


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/dyyalog-pakalennyau-u-beltelekame-prakhodzyac-merapryemstvy-da-dnya-pamyaci-voinau